ІНДЫКА́ТАРЫ ХІМІ́ЧНЫЯ,
арганічныя і неарган. рэчывы, якія дазваляюць устанавіць канец хім. рэакцыі, вадародны паказчык асяроддзя па лёгка бачных зменах (звычайна па змене колеру раствору). Упершыню выкарыстаны англ. вучоным Р.Бойлем (1663). І.х. карыстаюцца пераважна ў тытраметрычным аналізе для вызначэння канчатковага пункта тытравання (пункта эквівалентнасці). У адпаведнасці з тытраметрычнымі метадамі адрозніваюць кіслотна-асноўныя (напр., фенолфталеін), акісляльна-аднаўляльныя (напр., дыфеніламін, акісленая форма якога мае фіялетавы колер, адноўленая — бясколерная), адсарбцыйныя і камплексонаметрычныя.
Літ.:
Индикаторы: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1976.
т. 7, с. 244
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)